АКАДЭ́МІЯ РУ́СКАГА БАЛЕ́ТА імя А.​Я.​Ваганавай, адна са старэйшых рус. балетных школ. Засн. ў 1738 у Санкт-Пецярбургу як Танц. школа, з 1779 у складзе тэатр. вучылішча, у 1924—92 Ленінградскае харэагр. вучылішча; з 1957 імя Ваганавай, з 1961 акадэмічнае. Рыхтуе артыстаў класічнага балета, танц. ансамбляў. Тэрмін навучання 8 гадоў (прымаюцца дзеці з 10 гадоў). Разам з вышэйшай прафес. падрыхтоўкай дае агульнаадукацыйную ў аб’ёме сярэдняй школы. Сярод выкладчыкаў вучылішча І.​Вальберх, М.​Петыпа, М.​Фокін, А.​Ваганава. Сярод выпускнікоў Т.​Карсавіна, В.​Ніжынскі, В.​Спясіўцава, М.​Сямёнава, Г.​Уланава, Н.​Дудзінская, Ф.​Лапухоў, В.​Вайнонен, Л.​Лаўроўскі, Р.​Захараў, Л.​Якабсон, Ю.​Грыгаровіч, І.​Калпакова, М.​Барышнікаў, Р.​Нурыеў, М.​Далгушын і інш.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)